Шанхай Мастэрс 2011 (снукер)

Шанха́й Ма́стэрс 2011 (англ.: Shanghai Masters 2011, таксама вядомы як Bank of Communications Shanghai Masters 2011 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 5 па 11 верасня 2011 года на шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай. Турнір стаў пятым розыгрышам Шанхай Мастэрс, які праходзіць штогод з 2007 года. Bank of Communications упершыню спансіраваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £350,000 (на £25,000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £65,000 атрымаў пераможца (на £5,000 больш, чым у мінулым годзе).

Шанхай Мастэрс 2011
Сезон 2011/2012
Тэрміны 5 — 11 верасня 2011
Арэна Шанхайская гранд-сцэна
Горад Шанхай
Краіна Кітай
Арганізацыя WPBSA
Спонсар Bank of Communications
Фармат Рэйтынгавы турнір
Агульны прызавы фонд £350,000
Прызавыя пераможцы £65,000
Мінулы чэмпіён Алістэр Картэр
Фінал
Пераможца Марк Сэлбі
Фіналіст Марк Уільямс
Лік 10:9
Статыстыка турніру
Колькасць удзельнікаў 40 (+66)
Колькасць матчаў 39 (+64)
Колькасць соценных серый 25 (+14)
Найвышэйшая серыя 143 (Шон Мёрфі)
(кваліфікацыя: 145 (Майкл Уайт))
←2010Шанхай Мастэрс2012→
Снукерны сезон 2011/2012
←Пол Хантэр Класік Мастэрс Бразіліі→

Турнір уключаў у сябе пяць кваліфікацыйных раўндаў, якія праходзілі на працягу пяці дзён з 31 ліпеня па 4 жніўня 2011 года ў Акадэміі Сусветнага снукера ў Шэфілдзе, Англія, і ў якіх гулялі 82 удзельнікі. 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў і 8 уладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць васьмярых гульцоў, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 32 снукерысты гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу. У ўайлдкард раўндзе і першых двух раўндах асноўнай сетцы на шанхайскай гранд-сцэне выкарыстоўваліся чатыры гульнявыя сталы, у чвэрцьфіналах — два, а ў паўфіналах і фінале — адзін.

Фіналіст леташняга розыгрышу Джэймі Бёрнэт не патрапіў у асноўную стадыю турніру, саступіўшы ў кваліфікацыі Дамініку Дэйлу з лікам 3:5. Усе восем азіяцкіх аматараў, якія атрымалі ўайлдкард, прайгралі матчы папярэдняга раўнда, а прафесіяналы з Кітая, Дзін Цзюньхуэй і Лян Вэньбо, і Джэймс Уатана з Тайланда вылецелі з турніру ў 1/16 фіналу. Пераможца Шанхай Мастэрс 2010 года Алістэр Картэр таксама прайграў ужо ў першым раўндзе Марку Кінгу з лікам 4:5. Сяміразовы чэмпіён свету Стывен Хендры, саступіўшы ў першым раўндзе турніру, упершыню з 1988 года вылецеў з топ-16 сусветнага рэйтынгу. Марк Кінг упершыню з 2005 года выйшаў у паўфінал рэйтынгавага турніру, дзе саступіў другому нумару суветнага рэйтынгу Марку Сэлбі з лікам 0:6. Другім фіналістам стаў лідар рэйтынгу Марк Уільямс з Уэльса, які ў драматычным паўфінале перамог Ніла Робертсана з лікам 6:5. Найвышэйшую серыю ў асноўнай стадыі турніру, 143 ачкі, зрабіў Шон Мёрфі ў матчы 1/8 фіналу супраць Марка Алена.

Пераможцам турніру стаў Марк Сэлбі, які ішоў наперадзе ў фінальным матчы супраць Марка Уільямса з лікам 6:4 і 7:5, а пазней саступаў з лікам 7:9 і быў у кроку ад паражэння, аднак выйграў тры фрэймы запар і здабыў перамогу. Сэлбі перайграў на сваім шляху да тытула Найджэла Бонда (5:3), Джэймі Коўпа (5:0), Шона Мёрфі (5:4), Марка Кінга ў паўфінальным матчы (6:0), і Марка Уільямса ў напружаным фінальным паядынку (10:9). Гэтая перамога стала сёмым прафесійным і другім рэйтынгавым тытулам у кар'еры англічаніна і першым спаборніцтвам рэйтынгавага ўзроўню, выйграным Сэлбі пасля адкрытага чэмпіянату Уэльса 2008 года, а таксама яна паспрыяла яго ўздыму на першую пазіцыю сусветнага рэйтынгу ўпершыню ў кар'еры.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.