Мікалай Радзівіл Чорны

Мікала́й «Чо́рны» Радзіві́л (4 лютага 1515, Нясвіж — 28/29 мая 1565, Лукішкі пад Вільняй) — вялікалітоўскі дзяржаўны, палітычны, ваенны, культурны і рэлігійны дзеяч. Мянушку «Чорны» атрымаў з-за колеру сваёй барады, чым адрозніваўся ад свайго стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудога (які таксама атрымаў мянушку з-за колеру сваёй барады).

Мікалай Радзівіл
польск.: Mikołaj Krzysztof Radziwiłł
Мікалай Радзівіл «Чорны».

Герб «Трубы» в
 
Дзейнасць дыпламат, палітык
Веравызнанне Польскія браты[d]
Нараджэнне 4 лютага 1515
Смерць 28 мая 1565 (50 гадоў)
Лукішкі пад Вільняй, Вялікае Княства Літоўскае
Пахаванне
Дынастыя Радзівілы
Бацька Ян Радзівіл
Маці Ганна з Кішкаў
Жонка Альжбета Шыдлавецкая
Дзеці Альбрэхт, Ганна Магдалена, Крысціна, Мікалай Крыштаф «Сіротка», Соф'я Агнешка, Станіслаў, Альжбета, Юрый

Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—1537 гадоў. У 1544 годзе атрымаў пасаду маршалка земскага (вялікага) і ўзначаліў Раду ВКЛ і соймы. Спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары з вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам. У 1547 годзе атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі «на Алыцы і Нясвіжы». З 1550 года канцлер ВКЛ, выступаў за суверэннасць ВКЛ у саюзе з Польшчай. Таксама займаў пасаду віленскага ваяводы. Дзякуючы дыпламатычным дзеянням Мікалая Радзівіла адбылося ўключэнне Лівонскага ордэна ў склад ВКЛ. Узначальваў дзяржаўную камісію па правядзенні аграрнай рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках.

З усіх магнатаў княства ён першым прыняў Рэфармацыю. Паводле веравызнання кальвініст, прапагандыст кальвінізму ў ВКЛ. Свае творы яму прысвячаў Жан Кальвін. У 1553 годзе заснаваў друкарню пры Берасцейскім зборы, пад яго апекай існавала таксама друкарня ў Нясвіжы. У першай з іх за кошт магната выйшла ў 1563 годзе так званая «Радзівілаўская Біблія» — пераклад кальвінісцкай Бібліі на польскую мову. У 1647 годзе яго рэшткі разам з рэшткамі жонкі былі ўрачыста перанесены з Вільні ў Дубінкі.

Радзівіл Чорны валодаў вялікімі латыфундыямі ў Беларусі (з цэнтрам у Нясвіжы) і на Валыні (Алыка). Найбольш вялікія маёнткі: Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (з 1558 года), Лахва і Нягневічы ў Новагародскім павеце, Здзітаў у Слонімскім павеце, Дуброва, Шацк і Узда ў Менскім павеце, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Дусяты, Свядасць і Бігушкі ў Вількамірскім павеце, Лукішкі каля Вільні, Шыдловец у Польшчы; таксама трымаў Барысаўскае, Берасцейскае, Ковенскае і Шавельскае староствы.

Дзейнасць Радзівіла як вялікага рэфарматара карэнным чынам паўплывала на рэлігійнае і культурнае жыццё свайго часу.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.