Мікалай Радзівіл Руды

Мікалай Радзівіл Руды, Мікалай Радзівіл Шосты (1512 — 1584) — ваенны, палітычны, рэгілійны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, вялікі канцлер і гетман літоўскі, князь Свяшчэннай Рымскай Імперыі (1574).

Мікалай Радзівіл Руды

Герб «Трубы»
 
Дзейнасць дыпламат, палітык
Нараджэнне 1512(1512)
Кіеў
Смерць 27 красавіка 1584(1584-04-27)
Вільня
Пахаванне
Род Радзівілы
Бацька Юрый Радзівіл
Маці Барбара з Колаў
Жонка Кацярына з Івінскіх
Дзеці Мікалай Радзівіл,
Крыштоф Радзівіл Пярун

Паходзіў з роду Радзівілаў. Сын Юрыя Радзівіла і брат каралевы Польшчы Барбары Радзівіл, стрыечны брат Мікалая Радзівіла Чорнага. Адным з першых сярод уплывовых магнатаў прыняў кальвінізм, аказаў значны ўплыў на распаўсюджванне і прапаганду рэфармацыйных ідэй. Быў вядомым вайскаводам.

Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—1537 гадоў, у т.л. у аблозе Старадуба ў 1535. Падчашы ВКЛ у 1544-51, лоўчы ВКЛ у 1546-54. Асаблівы рост уплыву М. Радзівіла на дзяржаўныя справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары з вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. Дзейнічаў разам са сваім стрыечным братам Мікалаем Чорным, які адыгрываў галоўную ролю ў гэтым саюзе. Ваявода троцкі ў 1550—1566 і віленскі ў 1566—1579, вялікі гетман ВКЛ у 1553—1566 і з 1577, канцлер ВКЛ у 1566—1579.

У 1556—1557 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пачатку Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў войска ў 1561 уступіла на тэрыторыю Інфлянтаў. Конніца Радзівіла (5 тыс. чал.) на чале з Ю. Тышкевічам і Радзівілам Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Галоўныя сілы на чале з самім Мікалаем Радзівілам аблажылі расійскі гарнізон у замку Таўрус (Тарваст). Праз 3 тыдні 31 жніўня 1561 года гарнізон капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV у лютым 1563 М. Радзівіл з войскам у 5 тыс. чал. не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Улетку 1564 М. Радзівіл заблакіраваў расійскі гарнізон у Полацку.

Рашуча выступаў супраць заключэння ўніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сойм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку М. Радзівіла, кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У час полацкай кампаніі 1579 Мікалай Радзівіл Руды разам з сынамі выставіў у войска 1000 коннікаў і 100 пехацінцаў. Удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Радзівіла (6 тыс. наёмных жаўнераў, 3 тыс. магнацкіх вайскоўцаў і 20 тыс. шляхецкага апалчэння) узяло замкі Усвяты і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў.

Мікалай Радзівіл Руды вызнаваў кальвінізм і пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ. У Біржах ён стварыў цэнтр Рэфармацыі ў Літве і адкрыў там кальвінісцкую школу.

Галоўныя маёнткі М. Радзівіла знаходзіліся ў Літве: Біржы, Дубінкі, Шырвінты, Раканцішкі, Салечнікі, меў таксама Свір, Міхалішкі, Мядзел, Жупраны, Баруны ў Ашмянскім павеце, Індуру і Котру ў Гродзенскім пав., Жырмуны, Сялец, Збляны, Дакудава ў Лідскім павеце, Уселюб і Ліпск у Новагародскім павеце, Койданава і Вязынь у Мінскім пав. Трымаў шматлікія староствы і дзяржавы (Барысаў, Ліда, Мерач, Мазыр, Ашмяны, Васілішкі і інш.).

У шлюбе з Кацярынай Івінскай меў дачку і сыноў Мікалая і Крыштофа.

Мікалай Руды памёр у Вільні ў 1584 годзе, а пазней быў пахаваны ў Дубінках у кальвінскім зборы.

Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячаў прысвяцілі яму свае творы. Нават пісьменнікі-католікі славілі яго за перамогу пад Улай.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.