Марк Сэлбі

Марк Э́нтані Сэ́лбі (англ.: Mark Anthony Selby; нар. 19 чэрвеня 1983, Лестэр, Англія) — англійскі прафесійны гулец у снукер. Трохразовы і дзеючы чэмпіён свету і лідар сусветнага рэйтынгу. З'яўляецца адным з дзесяці снукерыстаў у гісторыі, якія выйгралі ўсе тры турніры трайной снукернай каронычэмпіянат Вялікабрытаніі (2012, 2016), Мастэрс (2008, 2010, 2013) і чэмпіянат свету (2014, 2016, 2017). Пераможца чатырнаццаці рэйтынгавых турніраў (шостае месца ў гісторыі разам з Нілам Робертсанам). З сезона 2007/2008 нязменна ўваходзіць у топ-16 сусветнага рэйтынгу.

Марк Сэлбі
англ.: Mark Selby
 
Дата нараджэння: 19 чэрвеня 1983(1983-06-19) (36 гадоў)
Месца нараджэння: Лестэр, Англія
Грамадзянства:  Англія
Вядучая рука: правая
Прафесійная кар'ера: 1999—...
Найвышэйшы рэйтынг: 1 (03.09.201105.11.2012
10.12.201212.06.2013
06.05.201408.07.2014
11.08.201407.12.2014
09.02.2015—...)
Цяперашні рэйтынг: 1 (9 красавіка 2018)
Прызавыя грошы: > £4,900,000
Найвышэйшая серыя: 147 (2 разы:
Цзянсу Класік 2009,
Чэмпіянат Вялікабрытаніі 2013)
Колькасць соценных серый: 518
Перамогі на турнірах
Рэйтынгавыя турніры: 14
Нізкарэйтынгавыя турніры: 7
Іншыя прафесійныя турніры: 4
З 6-цю чырвонымі шарамі: 1
Прафесійна-аматарскія і запрашальныя турніры: 1
Чэмпіён свету: 2014, 2016, 2017

Cтаў прафесіяналам у 1999 годзе ва ўзросце 16 гадоў. У выніку выхаду ў свой першы рэйтынгавы фінал, на адкрытым чэмпіянаце Шатландыі 2003, у сезоне 2003/2004 упершыню ўвайшоў у топ-32 сусветнага рэйтынгу, але праз год вылецеў адтуль, вярнуўшыся толькі ў сезоне 2006/2007. У 2002, 2003 і 2004 гадах выходзіў у апошні кваліфікацыйны раўнд на сусветных першынствах, а ў 2005 годзе дэбютаваў на найбуйнейшым снукерным турніры, прайграўшы ў 1/16 фіналу. У 2007 годзе выйшаў у фінал чэмпіяната свету, дзе саступіў Джону Хігінсу (13:18), пасля чаго падняўся ў топ-16 у рэйтынгу. У пачатку 2008 года Марк Сэлбі атрымаў перамогу на найбуйнейшым запрашальным турніры, Мастэрс, а ў тым жа сезоне выйграў свой першы рэйтынгавы тытул — адкрыты чэмпіянат Уэльса. У сезоне 2009/2010 стаў двухразовым пераможцам Мастэрс, а таксама аформіў свой першы максімальны брэйк. У 2011 годзе выйграў свой другі рэйтынгавы турнір, Шанхай Мастэрс, і ў сезоне 2011/2012 упершыню стаў лідарам сусветнага снукернага рэйтынгу. У сезоне 2012/2013 атрымаў два тытулы трайной кароны запар, чэмпіянат Вялікабрытаніі і Мастэрс, стаўшы трохразовым пераможцам апошняга. У сезоне 2013/2014 ён упершыню сумеў перамагчы на чэмпіянаце свету, вярнуўшы сабе лідзіруючую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу, якую страціў у пачатку сезона, пасля чаго выйграў яшчэ два рэйтынгавы турніры ў сезоне 2014/2015, German Masters і адкрыты чэмпіянат Кітая. У 2016 годзе вярнуў сабе тытул чэмпіёна свету, а ў сезоне 2016/2017 выйграў яшчэ пяць рэйтынгавых спаборніцтваў, у тым ліку чэмпіянат Вялікабрытаніі і чэмпіянат свету, паўтарыўшы рэкорд па колькасці выйграных рэйтынгавых турніраў за сезон і стаўшы дзясятым снукерыстам у гісторыі, які выйграў больш за тры тытулы чэмпіянату свету, і чацвёртым снукерыстам, які абараніў свой тытул у Крусібле. У сезоне 2017/2018 здабыў яшчэ два рэйтынгавыя тытулы на International Championship і адкрытым чэмпіянаце Кітая.

У агульнай колькасці займае найвышэйшы радок у сусветным рэйтынгу больш за 55 месяцаў. Апроч чатырнаццаці рэйтынгавых турніраў, за сваю кар'еру выйграў 7 нізкарэйтынгавых (рэкорд па колькасці перамог на турнірах серыі PTC) і 4 прафесійныя запрашальныя турніры. Выступаючы таксама на чэмпіянатах па пуле, у 2006 годзе стаў чэмпіёнам свету па «васьмёрцы», а ў 2015 дайшоў да фіналу чэмпіянату свету па кітайскім пуле. Апроч таго, у 2010 годзе Сэлбі стаў чэмпіёнам свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі, а таксама два разы выступаў на кубках свету па снукеры ў складзе зборнай Англіі — у 2011 годзе з Алістэрам Картэрам і ў 2015 годзе з Сцюартам Бінэмам. За сваю кар'еру зрабіў больш за 450 соценных серый, стаўшы лідарам сезонаў 2010/2011, 2011/2012 і 2015/2016 па колькасці сэнчуры, і ўваходзіць у топ-5 гульцоў з найбольшай колькасцю соценных серый у гісторыі снукера, а таксама зарабіў больш за 4 мільёны фунтаў стэрлінгаў прызавых грошай, уваходзячы ў топ-10 лідараў усіх часоў па колькасці прызавых. Двойчы ў кар'еры выконваў максімальны брэйк — 147 ачкоў.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.