Вялікае Княства Літоўскае

Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае (лац.: Magnus Ducatus Lithuaniae, скарочана ВКЛ), поўная назва — Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае, Жамо́йцкае і і́ншых зяме́ль — еўрапейская дзяржава, якая існавала (паводле літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса) з канца 12-га стагоддзя ці (паводле беларускіх і іншых літоўскіх гісторыкаў) з 1240-х гг. да 1795 года. Генезіс дзяржавы не мае агульнапрынятай канцэпцыі, а выклікае дыскусіі. На ранніх этапах існавання новай дзяржавы і ў 14—16-м стст. тэрыторыя ВКЛ была значна пашырана за кошт уключэння балцкіх, славянскіх ды іншых земляў, у выніку чаго яна ахоплівала амаль усю сучасную Літву і ўсю сучасную Беларусь, а таксама часткі сучасных Украіны, Расіі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі і Малдовы. У час свайго росквіту ў 15-м стагоддзі з'яўлялася найбуйнейшай дзяржавай у Еўропе. Вялікае Княства Літоўскае было шматнацыянальнай і шматканфесійнай дзяржавай з вялікай разнастайнасцю ў мовах, рэлігіі і культурнай спадчыне.

Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае

 

XIII стагоддзе 1795
 

Баявы сцяг падчас Бітвы пад Грунвальдам, 1410 Герб
Сталіца

да 1323 г. — Навагрудак

з 1323 г. — Вільня
Мова(ы) лацінская мова; Старабеларуская мова; (з XVII ст.) польская мова
Рэлігія язычніцтва, праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва, кальвінізм, лютэранства, іслам, іудаізм
Грашовая адзінка літоўская грыўня, Грош і Злоты
Насельніцтва
  • 3 500 000 чал. (1500)
Форма кіравання манархія, канстытуцыйная манархія
Гісторыя Беларусі

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
(Полацкае княства · Тураўскае княства · Менскае княства)
Кіеўская Русь
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі // Сярэдняя Літва
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб’яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

У 1253 г. вялікі князь літоўскі Міндоўг быў каранаваны як каталіцкі кароль Літвы, але хутка адмовіўся ад каталіцтва і працягваў прытрымлівацца язычніцтва. Язычніцтва значнай колькасці насельніцтва дзяржавы (у тым ліку і вялікіх князёў літоўскіх) было падставай пастаянных крыжовых паходаў Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў. Шматэтнічная дзяржава працягвала пашырацца пры Гедыміне і пры яго сыне Альгердзе. Пераемнік Альгерда Ягайла падпісаў Крэўскую унію ў 1386 г., у выніку чаго ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адбыліся дзве істотныя змены: каталіцызм стаў пануючай рэлігіяй і быў створаны дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Каралеўства Польскага.

Праўленне Вітаўта Вялікага адзначаецца як час найбольшага пашырэння тэрыторыі Вялікага Княства і паразы Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай Бітве ў 1410 годзе, а таксама адзначаецца ростам колькасці прывілеяў шляхты ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім значна пагоршыліся. Магнаты ВКЛ, у тым ліку сям'я Радзівілаў, спрабавалі скасаваць унію з Польшчай, аднак няўдалыя войны Вялікага Княства супраць Маскоўскага княства дапамаглі уніі застацца некранутай.

У выніку Люблінскай уніі 1569 года была створана так званая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. У складзе гэтай канфедэрацыі Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю палітычную самабытнасць і мела асобныя ўрад, сістэму ўрадаў (пасад), сімволіку, законы, армію і скарб.

У ходзе трох раздзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) большая частка ВКЛ увайшла ў склад Расійскай імперыі, а меншая — у склад Прускага Каралеўства і Аўстрыі. Ад канчатковага знікнення дзяржаву не змагло і выратаваць патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе, накіраванае супраць трох краін-захопнікаў — Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.