Вялікабрытанія

Вялі́кабрыта́нія (англ.: Great Britain), Злу́чанае Карале́ўства Вялі́кабрыта́ніі і Паўно́чнай Ірла́ндыі (англ.: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland) — астраўная дзяржава на паўночным захадзе Еўропы. Плошча 242,5 тыс.кв.км. Размешчана на востраве Вялікабрытанія, паўночным усходзе Ірландыі і шэрагу меншых астравоў і архіпелагаў. Мяжуе па сушы з Ірландыяй. Пралівам Ла-Манш аддзяляецца ад Францыі, з якой мае марскую мяжу. Геаграфічна адносіцца да рэгіёна Паўночнай Еўропы, таксама лічыцца часткай Заходняй Еўропы. Сталіца — горад Лондан — глабальны горад і фінансавы цэнтр. Афіцыйныя мовы: англійская (дэ-факта), ва Уэльсе — валійская.

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі
англ.: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland
Сцяг Вялікабрытаніі Герб Вялікабрытаніі


Дэвіз: «Dieu et mon droit»
«Бог і маё права»
Гімн: «God Save the Queen»
Заснавана 1 студзеня 1801
Афіцыйная мова Англійская
Сталіца Лондан
Найбуйнейшыя гарады Лондан, Бірмінгем, Глазга, Манчэстэр, Эдынбург, Ліверпул
Форма кіравання Парламенцкая манархія
Каралева
Прэм'ер-міністр
Лізавета II
Борыс Джонсан
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні

243.610 км²
1.34
Насельніцтва
• Ацэнка (2015)
Шчыльнасць

65.110.000 чал. (22-я)
255,6 чал./км²  (51-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$3,131 трлн  (9-ы)
$46.827  (26-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$2,744 трлн  (6-ы)
$41.030  (20-ы)
ІРЧП (2018) 0,920 (вельмі высокі) (15-ы)
Этнахаронім Брытанцы, Брытанец, Брытанка
Валюта Фунт стэрлінгаў
Авіякампанія British Airways
Інтэрнэт-дамены .uk, .eu
Код ISO GB
Тэлефонны код +44
Часавыя паясы +0

Вялікабрытанія — унітарная парламенцкая дэмакратыя, канстытуцыйная манархія. Брытанская каралева Лізавета II царуе з 1952 года і з'яўляецца самым доўгакіруючым лідарам планеты. Злучанае Каралеўства cкладаецца з чатырох гістарычных абласцей, што маюць свае ўрады і карыстаюцца шырокай аўтаноміяй: Англія, Шатландыя, Уэльс і Паўночная Ірландыя са сталіцамі ў Лондане, Эдынбургу, Кардыфе і Белфасце адпаведна. Востраў Мэн і Нармандскія астравы фармальна не ўваходзяць у склад Злучанага Каралеўства, з'яўляючыся "Кароннымі землямі". 14 раскіданых па ўсім свеце заморскіх тэрыторый — рэшткі Брытанскай каланіяльнай імперыі, што калісьці займала чвэрць населенай сушы.

Адзінае Англійскае каралеўства сфарміравалася ў ІХ стагоддзі, у выніку аб’яднання дробных дзяржаў англасаксаў. Каралеўства Вялікабрытанія ўтварылася ў 1707 годзе ў выніку палітычнага аб’яднання Англіі (уключаючы Уэльс) і Шатландыі. Яшчэ раней, у 1603 годзе, кароль Шатландыі Якаў VI (James VI) атрымаў у спадчыну троны Англіі і Ірландыі ў рэжыме дынастыйнай уніі, дэ-факта аб’яднаўшы пад сваёй уладай усе 3 краіны. У 1800 годзе Каралеўства Вялікабрытанія і Каралеўства Ірландыя аб’ядналіся, утварыўшы Злучанай Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі, якое пасля аддзялення ад яго Ірландскай Вольнай дзяржавы ў 1922 займела сённяшнюю назву.

З насельніцтвам у 66 млн чалавек у 2017 Вялікабрытанія займала 22 месца ў спісе самых населеных краін свету. Каралеўства мае адзін з самых высокіх у ЕС паказчыкаў натуральнага прыросту насельніцтва. Пераважная большасць вернікаў — англікане. Адносіцца да найбольш густанаселеных краін свету. У агламерацыі Лондана пражывае 10,3 млн чалавек. Іншыя буйныя гарадскія раёны ўключаюць Манчэстэр, Бірмінгем, Лідс, Глазга і Ліверпуль.

Вялікабрытанія — высокаразвітая постіндустрыяльная дзяржава з пятым у свеце намінальным ВУП і дзявятым па парытэце пакупніцкай здольнасці. Мае высокі даход паводле класіфікацыі Сусветнага банка і вельмі высокі ўзровень ІЧР. Краіна з'яўляецца магутным прамысловым вытворцам, фінансавым цэнтрам, экспарцёрам паслуг. Да таго ж Вялікабрытанія, у адрозненні ад большасці развітых краін свету, выдатна забяспечана паліўнымі рэсурсамі.

У XVIII стагоддзі — першая краіна, закранутая Прамысловай рэвалюцыяй, у XIX стагоддзі — самая магутная дзяржава свету, Вялікабрытанія і сёння застаецца сусветным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам. Гэта ядзерная дзяржава з 1952 года (прызнаная ў адпаведнасці з Дагаворам аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі 1968 года), сталы член Савета Бяспекі ААН. З'яўляецца членам Вялікай Сямёркі, АЭСР. Як былая метраполія Брытанскай імперыі сёння ачольвае Садружнасць нацый. У 1973 увайшла ў склад ЕС, у 2016 вырашыла пакінуць арганізацыю, што мае канчаткова адбыцца ў 2020. Як паказала гісторыя, працэдура Брэксіту аказалася складанай і пакутлівай.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.